Цікава ведаць

Барысаў
Барысаў – горад у Мінскай вобласці. Паводле звестак паселішча заснаваў полацкі князь Рагвалод-Барыс у 1102 годзе, у гонар якога і быў названы горад.


Будслаў
Будслаў – аграгарадок у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. У пачатку ХVІ ст. з’явілася мястэчка Будслаў, якое навакольны люд называў Будай. Віленскія бернардыны выпрасілі для сябе ў караля Аляксандра Ягелончыка кавалак лесу. Кароль даў ім вялікі абшар пушчы, які размяшчаўся паміж рэкамі Сэрвач, Церэк і Зуя. У той час гэта тэрыторыя належала да Мінскага павету. Манахі зразалі там дрэвы і вясной сплаўлялі іх рэкамі Сэрвач і Віліяй у Вільню, на апальванне свайго кляштару і на продаж. Лес пільнавалі некалькі законнікаў, якія пражывалі ў будах. Мелі таксама каплічку, а ў ёй абраз, які аказаўся цудатворны. Хадзілі да яго на малітвы людзі з навакольных вёсак, напэўна, таксама і з Мікуліна, аддаленага ад Будслава на 10 км. Затым бернардыны збудавалі ў тым месцы драўляны касцёл і кляштар для некалькіх законнікаў, вакол якога з’явіліся з часам таксама хаты свецкіх людзей. Такім чынам, назва мястэчка – Будслаў – утворана ад “буд слаўных”. 

Валожын
Валожын – горад у Мінскай воблаці. На думку даследчыка В. Жучкевіча, айконім “Валожын утварыўся ад прозвішча Валога. Такое прозвішча мог атрымаць чалавек, што наважыўся пасяліцца ў балоцістай мясцовасці. Тым часам ад назвы паселішча паходзіць імя рэчкі Валожынкі. Існуе таксама народнае паданне, паводле якога айконім “Валожын” мае сувязь з перагонам валоў і ўтварыўся ад выразу «Валы жэнь!» («жэнь» — значыць гані). Магчыма, паселішча спачатку мела назву Валыжэнь.


Верхмень
Верхмень – вёска ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці. Назва утворана ад двух слоў “верх” i “мень”, што азначае пасяленне, якое знаходзіцца ў верхнім цячэнні р. Мень. 3 сялом Верхмень звязаны жыццё i дзейнасць Я.Коласа, які ў 1906 г. працаваў настаўнікам у Верхменскім народным вучылішчы.


Вітаўка
Вітаўка – вёска ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Па легендзе аднойчы ноччу баярын Віт пачуў голас: “Віцэ, Віцэ вазьмі стрэльбу і стрэльні”. Прачнуўся баярын — нікога няма, зноў лёг спаць. Толькі лёг, той жа голас: “Віцэ, Віцэ вазьмі стрэльбу і стрэльні”. Узяў баярын стрэльбу, выйшаў на вуліцу, а там поўны двор шведскіх салдат, ён пачаў страляць. Шведы спалохаліся — хто стаў уцякаць і патануў у тых балотах, хто ў варотах затрымаўся, а хто і куляй Віта быў забіты. Пабудаваў ён там царкву, усё ў яго квітнела. Але праз некаторы час здзейсніў вялікі грэх. Двор патануў у балоце. З тых часоў там знаходзіцца крыніца.


Грычына – вёска Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Па адной з версій паходжанне назвы Грычына звязвана са старажытным словам грыч, якое ў старажытнарускiх (агульнаўсходнеславянскiх) пiсьмовых помнiках ужывалася ў значэннi “сабака”. Па другой версіі ў аснове назвы ляжыць уласнае iмя Грыч — варыянт царкоўнага праваслаўнага iмя Григорий. У старабеларускiх пiсьмовых крынiцах XVI ст. гэта iмя адзначаецца ў вытворнай форме: “Гричинович Гаврило, Гричинович Иван, Гричинович Пётр”.

Жодзіна
Жодзіна – горад у Мінскай вобласці. Паходжанне назвы горада адносіцца да ракі Жодзіна, якая раней працякала ў гэтай мясцовасці, у перакладзе азначае “нізіннае месца”.

Замкі

Замкі – вёска Крупскага раёна Мінскай вобласці. Калісьці тут жылі вельмі добрыя майстры. Асабліва яны праславіліся сваімі вырабамі з жалеза, замкамі. Другія людзі паміж сабой і гаварылі: “Паедзем да майстроў, што вельмі добрыя робяць замкі. Паступова гэты выраз скараціўся “там, дзе замкі робяць ці дзе замкі. Адсюль пайшло “паедзем да замкоў альбо паедзем у замкі. Так і замацавалася за вёскай назва Замкі. Згодна з другім паданнем, вёска з усіх бакоў была абкружана лясамі, яна стала як бы замкнутая лясамі. Прырода нібы сама абараняла людзей, якія сталі тут жыць.

Заслаўе

Заслаўе – горад у Мінскай вобласці. Так назваў яго князь Уладзімір Святаславіч у гонар сына Ізяслава, які жыў тут са сваёй маці Рагнедай.

Кібуці – вёска Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Усе тры варыянты назвы(Скібуці, Кібуты, Кібуці), зафіксаваныя ў розныя перыяды ў гістарычных крыніцах, сведчаць пра тое, што гэтая назва мае балцкае паходжанне. Таму разгадку яе трэба шукаць, хутчэй за ўсё, у літоўскай мове. Прафесар В. А. Жучкевіч лічыў, што назва Кібуці патранімічная, гэта значыць паходзіць ад родавай мянушкі, якая, у сваю чаргу, узыходзіць да літоўскага слова kіbus, што азначае ўчэпісты.


Клецк

Клецк - горад у Мінскай вобласці. Айконім утварыўся ад асновы "клець" або ад старога дыялектнага слова "клеч" - бярозавы параснік.


Клён – вёска Крупскага раёна горада Мінска. Здаўна людзі хадзілі ў кляновы гай, падсочвалі дрэвы і збіралі кляновы сок. Юнакі і дзяўчаты любілі хадзіць туды гуляць ды ўлюбляцца. Прыйшла ім даспадобы гэтая мясціна. У ёй і пачалі будавацца маладыя сем'і, назваўшы вёску Клён. Зямлю пачалі разворваць. Да таго ж гай паступова пастарэў. Частка яго пайшла на дровы, а частка на пабудовы. Пазней ён зусім знік, а людзі ўсё роўна называюць вёску назвай гэтага прыгожага і карыснага людзям дрэва.


Крупкі
Крупкі – горад у Мінскай вобласці. Адносна паходжання назвы Крупак існуюць тры версіі, якія, дарэчы, адлюстраваны на гербе горада. Першая версія сведчыць пра тое, што ў мястэчку некалі стаяў млын, дзе малолі крупы, гатавалася крупчатка (пшанічная мука высокай якасці). Другая версія звязана з рэчкай Крупкай — правым прытокам Бабра. Лічыцца, што назва райцэнтра пайшла і ад травы крупкі дуброўнай. Але найбольш гістарычна апраўданай лічыцца першая версія. Крупкі сапраўды славіліся вырабам мукі высокай якасці. Напрыклад, на мануфактуры Карла Свяцкага ў XIX стагоддзі выраблялі ў год каля 30 тысяч пудоў найдалікатнейшай мукі.


Лагойск
Лагойск – горад у Мінскай вобласці. Горад узнік на месцы ўпадзення ракі Лагоза ў раку Гайна. Ад назвы ракі Лагоза і пайшла назва горада (першапачаткова Лагожск).


Любань
Любань – горад у Мінскай вобласці.  “Люба… Любата… Любань! – менавіта так, паводле аднаго з народных паданняў, усклікнуў чалавек, які першым трапіў на маляўнічы бераг Арэсы. Хараство прыарэскіх мясцін яго неймаверна заваражыла, і ён вырашыў там пабудаваць сабе жытло. Зразумела, што наконт назвы свайго паселішча першапраходзец асабліва раздумваць не стаў: як яшчэ, калі не Любань, можна было назваць той непаўторнай прыгажосці куток?

Маладзечна
Маладзечна – горад у Мінскай вобласці. Па адным з меркаванняў айконім “Маладзечна” паходзіць ад назвы рэчкі Маладачанкі, якая знікла ў выніку меліярацыйных прац. Таксама існуе меркаванне, што назва горада ўтварылася ад словаў “маладзец” (у значэнні — дзяцюк, ваяр у княжацкай дружыне), “малады”, “малодшы” або ад спалучэння двух даўніх словаў “мала” і “надэчыць”, што азначае “малазмяшчальнае месца”.


Мар'іна Горка
Мар’іна Горка – горад у Мінскай вобласці. У айконіме “Мар'іна Горка” спалучаецца паняцце “Горка” (невялікая гара) і азначэнне “Мар'іна”, якое паходзіць ад асабістага імя. Існуе некалькі меркаванняў пра паходжанне назвы горада. Адзінай афіцыйнай пазіцыі на гэты конт у наш час няма. Паводле першага падання, назва мясціны пайшла ад узвышша, на якім загінула дачка памешчыка Мар'я (яе бацька дазнаўся, што дзяўчына пакахала простага хлопца, і разлучыў іх). Згодна з іншай легендай, паселішча назвалі Мар'інай Горкайад суседняй царквы, дзе знаходзіўся цудоўны абраз Божай Маці.


Мачулішчы – гарадскі пасёлак Мінскага раёна Мінскай вобласці. Назва ўтворана ад наймення гаспадарчых надзелаў. Раней мачуламі ці мачулішчамі называлі сажалкі ці ўзбярэжжы рэчак, дзе мачылі лён, каноплі, бочкі.


Нёман
Нёман – вёска ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Існуе тры варыянты паходжання назвы: ад нямецкага “нем” (нямы) – ціхі, спакойны; ад фінскага niemi, што азначае “мыс”; ад жмудскага nominis – хатні.


Нясвіж
Нясвіж – горад у Мінскай вобласці. Пра паходжанне назвы горада людзі расказваюць так: “Як вядома, любімымі заняткамі князёў у вольны час былі паляванне і розныя там забавы. Навокал княжага замка некалі далёка прасціраліся дрымучыя лясы ды непраходныя балоты. Аднойчы князь разам са сваёй чэляддзю паляваў на мядзведзяў. Адзін звер быў паранены, але ўцёк у гушчар лесу. Праз колькі дзён князь зноў быў на паляванні ў тым баку. Адзін з яго стральцоў знайшоў ужо мёртвага мядзведзя. Князь пад'ехаў да яго, агледзеў ды і кажа: Ня свеж. Вось і пачалі тое месца называць Нясвіж.


Прылукі. Маёнтак Чапскіх
Прылу́кі - аграгарадок у Мінскай вобласці. Размяшчаецца на беразе ракі Пціч. Назва паселішча ўтварылася ад тэрміна “лука” — дугападобны паварот ракі. Таксама паходжанне назвы “прылукі” тлумачыць мясцовая легенда, паводле якой у старадаўнія часы тут адбылася дуэль баярына Яраслава са сваім колішнім паплечнікам за права застацца з маладзіцай Люблянай, у выніку якога яны загінулі разам і месца іх смерці было названа Прылукамі (паводле віду зброі, якой яны біліся). Гэты сюжэт апрацоўвае ў сваім апавяданні “Прылукі” (1893) беларускі празаік Карусь Каганец.


Пухавічы
Пухавічы – аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. У гэтай вёсцы раней разводзілі гусакоў. Мяса прадавалі, а пух збіралі.


Радзіца – вёска ў Крупскім раёне Мінскай вобласці. Ёсць некалькі паданняў адносна назвы вёскі. Усе яны так ці інш звязваюць яго з словам радзіцца, гэта значыць, абмяркоўваць нейкія пытанні. Вось адно з іх. Калісьці каля хутара Пятроўшчына знаходзілася вёска, якую называлі Свяцілавічы. У далёкай старажытнасці там было капішча — месца малення язычнікаў. На месца паганскай веры паступова прыйшло хрысціянства, але па традыцыі людзі прыходзілі на тое месца, асабліва па святах, каб «радзіцца» — параіцца. Адсюль пайшла і назва вёскі — месца, дзе праводзілася рада. Другое паданне таксама мае гістарычныя карані. У 1812 г., калі непадалёку ад Крупак Напалеон пры адступленні трапіў у вельмі цяжкае становішча, ён сабраў сваіх генералаў, каб параіцца, як быць далей. Паколькі гэта была значная падзея для мясцовых жыхароў, дык і знайшло адлюстраванне ў назве вёскі. Хоць, з другога боку, вядома з гістарычных крыніц, што вёска з такой назвай існавала яшчэ ў 17 ст.


Сінія Горы – вёска ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці. Першая версія паходжання назвы звязана з гаспадарчай дзейнасцю людзей, для якіх важна было адзначыць не толькі рэльеф мясцовасці, але і ступень урадлівасці глебы. Цалкам магчыма, што на ўзвышанай мясцовасці зямля была пясчаная, і адпаведна яе неўрадлівы (сіні) характар быў адлюстраваны ў назве геаграфічнага аб'екта. Другая версія можа мець сувязь з міфапаэтычнай творчасцю насельнікаў гэтай мясцовасці, якія, магчыма, узнікненне гары звязвалі з месцам старажытнага пахавання.


Сінічанка – вёска ў Крупскім раёне Мінскай вобласці. Ёсць дзве легенды. Згодна першай — тут калісьці жыў адзін са слуг князёў Сангушкаў, якім належалі ў той час землі Крупшчыны. Юнак добра ўмеў свістаць па-птушынаму і гэта вельмі падабалася князю. Згодна другой — па загаду князя Сангушкі у няволі разводзілі сініц, каб затым, калі ўладар з магнатамі прыязджалі на паляванне ці рыбную лоўлю, маглі цешыцца птушынымі спевамі.

Слуцк
Слуцк – горад у Мінскай вобласці. Найбольш распаўсюджаную легенду аб заснаванні Слуцка паведамiў старэйшы жыхар горада Лукаш Трафiмавiч Трухан (памер ва ўзросце 86 гадоў у 1972 г.).У далекія часы на месцы Слуцка шумелі векавечныя лясы. Прыехаў неяк сюды на паляванне князь, пагнаўся за зверам, упаў з каня i пашкодзіў сабе нагу. На месцы здарэння ён загадаў пабудаваць горад i назваць яго Случэскам — ад случай (выпадак).


Смалявічы
Смалявічы – горад у Мінскай вобласці. Назва горада пайшла ад слова “смала”, бо галоўным промыслам старажытных смалевічан на працягу многіх стагоддзяў была яе здабыча з драўніны.


Старыя Габы
Старыя Габы – вёска ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Вось, што кажуць мясцовыя жыхары пра паходжанне назвы вёскі: “Людзі жылі на балоце. Куды ні павярніся – адна макрэча. А сем’і вялікія. Менш за 10 дзяцей мала якія бацькі мелі. І ўсіх іх трэба было ў нешта апранаць, карміць. А дзе ж той зямлі набрацца. Усё, што лепшае, належала пану. А селяніну – як хочаш, так жыві. Так у гэтых мясцінах было заведзена, што гаспадаром пасля бацькі заставаўся старэйшы сын. Ну а меншыя павінны былі шукаць свой хлеб у іншым месцы. Вось і пачалі займацца людзі рамяством. Лесу навокал, хоць і панскага, было шмат. А яму трэба быў даход. Ды дзе яго возьмеш, калі зямлі ўрадлівай – кот наплакаў. Не выратоўвалі і дары лесу: грыбы, ягады, пушніна. Вось пан і дазволіў абсталяваць на балоце майстэрню. Самыя здольныя сталі рабіць драўляныя вёдры, бочкі, цэбры, іншы посуд. Уся тэрыторыя вакол майстэрні была акопаная канавай. Людзі адваёўвалі ў балота зямлю. Праз нейкі час зрабілі кузню, бо на бочкі патрэбныя былі абручы. І пацягнуліся сюды з розных ваколіц майстры. Паселішча, якое пасля назвалі Габамі, ад слова габляваць, расло. З’явіліся крама, царква, але балота не вельмі хацела аддаваць свае абшары. Крыху вышэй вырасла яшчэ адна вёска. Пасля яе назвалі Новымі Габамі. А тую, што заснавалася на месцы балота, – Старымі.


Стоўбцы
Стоўбцы – горад у Мінскай вобласці. Назва горада ўзята ад стаўбцоў, якія стаялі на беразе Нёмана для прывязкі плытоў пры прыпынку на начлег. Стаўбцы былі 10-1,2 м у вышыню і 20-25 см у дыяметры. Сярод іх былі і стаўбцы з трох бярвёнаў па 10-12 см таўшчынёй, звязаныя драцянымі жгутамі ў адзін. У гэтым месцы зручна было сыходзіць з асноўнай плыні Нёмана на ціхую ваду і прывязваць плыты. Гэтую пойму берага сталі ў народзе называць стаўбцамі.


Узда
Узда – горад у Мінскай вобласці. Сваю назву горад атрымаў ад рэчкі Узда (зараз - Уздзянка), прыток Усы. Першапачаткова гукавая форома гідроніма – Усда. Кожная з двух частак назвы (Ус-да) у далёкім мінулым мела сваё канкрэтнае значэнне. Корань –ус- утрымліваюць многія гідронімы ў басейнах рэк Акі, Дзясны, Ангары, на тэрыторыі рэспублікі Комі. Фармант –да, хутчэй за ўсё, азначаў “прыток ракі. Такім чынам, Узда – гэта “прыток Усы”.


Фаніпаль
Фаніпаль – горад у Мінскай вобласці. Захавалася некалькі леганд аб паходжанні гэтай назвы. Першая легенда апавядае, што пражываў тут у даўнія часы пан, валодаў сотнямі гектараў зямлі, лесу. Люты быў пан. Яго бізуноў паспрабавалі многія сяляне. А колькі слёз пралілі па яго міласці - адна толькі зямелька ведае. Без суда і следства ладзіў расправу над народам. І дачок сваіх хацеў зрабіць жорсткімі і бяздушнымі. Але так ужо здарылася, што дочкі ліхадзея раслі ласкавымі ды спагаднымі, дапамагалі сялянам: то грашыма, то меркамі збожжа адорвалі. А калі людзі прыходзілі да паненак з падзякай, тыя казалі: Не трэба дзякаваць. Лепш дрэўца пладовае пасадзіце. Ох і лютаваў пан, калі даведаўся, што дочкі дапамаглі таемна абвянчацца і ўцячы кухарцы Ганне і конюху Васілю! Загадаў прынесці розгі і біць да смерці непаслухмяных дачок. І цуда: розгі ў руках катаў ператвараліся ў яблыневы галіны, якія лашчылі цела. Убачыўшы гэта, пан ад злосці памёр. Праз некаторы час з'ехалі кудысьці і паненкі. І толькі назва ды былой яблыневы сад нагадваюць пра Фанi і Полю, імёнамі якіх назвалі пасёлак. Другая леганда апавядае, што жыў тут памешчык. Было ў яго тры дачкі-прыгажуні. Звалі іх Фаня, Ружа і Марыя. Калі іх бацька паміраў, ён падзяліў паміж імі свае ўладанні так, што кожная з іх атрымала свой кавалак зямлі. У гэтых уладаннях і ўзнік Фаніпаль, а непадалёк ад яго - Ружампаль і Марыупаль. Сапраўды такія населеныя пункты ёсць і сёння, а падзяляюць іх  усяго 10-15 кіламетраў.

Цябуты – вёска Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Структура назвы вёскі дае падказку адносна яе паходжання: форма множнага ліку наймення з'яўляецца выражэннем калектыву па родавым прозвішчы або мянушцы заснавальніка паселішча — Цябут. Прозвішча Цябут сустракаецца і ў сучаснай іменаслоўнай сістэме беларусаў, а таксама на тэрыторыях, прылеглых да мяжы з Беларуссю — на Браншчыне, Пскоўшчыне і Смаленшчыне. У Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці таксама ёсць вёска Цябуты, паходжанне назвы якой мясцовы краязнаўца Ігар Пракаповіч тлумачыць ад адпаведнай мянушкі, якая пайшла ад старажытнага славянскага дзеяслова сцябушыць (сцягнуць, украсці). У такім разе слова цябут літаральна азначае “злодзей”. Мы не можам адназначна прыняць такое тлумачэнне і лічым, што разгадку назвы трэба шукаць і ў літоўскай мове, у якой таксама засведчана прозвішча Чіобутас. Спадзяёмся, што вучоныя ў найбліжэйшы час больш дакладна вызначацца з версіяй паходжання назвы гэтай вёскі.


Шацк
Шацк – вёска у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Назву вёсцы дала рака. Рэкі, у якіх было шмат рыбы, а па берагах вадзілася шмат дзічыны называлі ў старажытнасці Шач’яй ракой. Шач’я рака па-беларуску вымаўляецца Шача, па-польску – Шачэк. Шацэк – Шацак – Шацк – вось так мянялася назва вёскі.


Шэмберава – вёска Аршанскага раёна Мінскай вобласці. ўтворана ад прозвішча Шэмбер або Шэмбераў, якое, верагодна, у сваю чаргу ўзыходзіць да мянушкі Шэмбер, якую мог атрымаць чалавек, што адрозніваўся такой якасцю, як гультайства (у “Этымалагічным слоўніку рускай мовы” М. Фасмера прыводзяцца дзеясловы шэмберыць у значэнні “лодарнічаць, гультайнічаць, гультаяваць”, шамберыць “насміхацца, кпіць”, а таксама шамбер “насмешнік, падманшчык”).






Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Вітаем вас на сайце "Міншчына. Мова зямлі", які прысвечаны надзвычай цікавай і захапляльнай тэме. Вандруйце па старонках нашага сайта! Вывучайце! Спасцігайце новае, паглыбляйце ўжо вядомае! Поспехаў у вывучэнні беларускай мовы!